СО́Ф’Я СЛУ́ЦКАЯ (1.5.1585, г. Слуцк — 19.3.1612),

рэлігійная дзяячка, бел. правасл. святая. Дачка слуцкага кн. Юрыя Алелькавіча і Барбары Кішкі. Выхоўвалася ў праваслаўі. Рана асірацела і стала ўладальніцай вял. латыфундыі пад апекай сваякоў Хадкевічаў. Пасля смерці дзядзькоў Аляксандра (1591) і Яна Сымона (1592) да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк і Капыль, мяст. Раманава, Старобін, Любань, Пясочнае і Ленін, 32 фальваркі. Яе апекуны Хадкевічы завінаваціліся Радзівілам вял. суму грошай, і ў 1600 дамовіліся выдаць Соф’ю замуж за Я.​Радзівіла (у будучым кашталян віленскі). Аднак спрэчкі паміж Хадкевічамі і Радзівіламі ледзь не выліліся ў баявыя дзеянні. Пры пасрэдніцтве караля Жыгімонта III Вазы бакі паразумеліся. 1.10.1600 у Брэсце адбыўся шлюб Соф’і з Радзівілам. Хоць муж вызнаваў кальвінізм, Соф’я засталася праваслаўнай. Шмат увагі аддавала дабрачынным справам, падтрымлівала правасл. цэрквы і манастыры ў Слуцкім княстве, якое дзякуючы ёй захавала сваё правасл. аблічча. Пасля яе заўчаснай смерці Слуцкае княства, згодна з ранейшай дамоўленасцю, перайшло да Радзівілаў. Труна з астанкамі Соф’і знаходзілася ў царкве Слуцкага Троіцкага манастыра і шанавалася як цудатворная. Зараз мошчы зберагаюцца ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, Соф’я ўваходзіць у Сабор бел. святых. Дзень яе памяці 1 красавіка.

Літ.:

Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985;

Мельников А.А. Путь непечален. Мн., 1992.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)